Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь
У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны сцяг – гэта гісторыя і сённяшні дзень народа. Ва ўсе часы людзі шанавалі сцяг дзяржавы, беражліва захоўвалі, верылі ў яго славу, прысягалі на вернасць. Сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з дзвюх палос: верхняй – чырвонага колеру і ніжняй – зялёнага. Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, братэрства, барацьбу за правае справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Зялёны колер – колер Прыроды. Гэта колер ураджайных палёў, дагледжаных працавітымі рукамі хлебаробаў, лугоў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную тэрыторыю нашай краіны. Зялёны колер – колер дабра, росту, развіцця, дабрабыту і міру. Белы колер – гэта колер свабоды. Нездарма назва нашай краіны – Беларусь – звязана з нязгаснай воляй народа да свабоды. Разам з тым белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці. На белы колер накладзены беларускі нацыянальны арнамент, які аб'ядноўвае чырвоны і зялёны колеры ў графічны малюнак, напоўнены высокім сэнсам. Беларускі арнамент сімвалізуе старажытную культуру народа, духоўнае багацце, адзінства.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь
Герб Беларусі вельмі багаты па колькасці закладзеных у ім элементаў. Першае, на што зверне ўвагу кожны – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях узыходзячага сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму, усе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна нам перададзена папярэднім пакаленнем.
Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі ільну. Гэтыя сімвалы ўжо больш складаныя, іх мова патрабуе для разумення пэўных ведаў.
Вянок (з ружаў, пальмавых лісцяў, лаўра і г.д.) спрадвеку выкарыстоўваўся народамі як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў. Да славян адносяцца таксама рускія, украінцы, палякі – прадстаўнікі гэтых народаў складаюць істотную частку насельніцтва нашай краіны. Славяне верылі, што пучок, або сноп хлебных каласоў – лепшы сродак звароту да боскіх сіл з просьбай аб пасланні ці дараванні новага ўраджаю і працвітання. Чалавек, ахвяруючы багам частку свайго ўраджаю, як бы казаў: “Вось плод маёй працы і міласці Прыроды, я буду старанна і нястомна працаваць і заўтра, няхай не пакіне мяне падтрымка вышэйшай сілы!”. Па сёняшні дзень многія жыхары нашых вёсак ставяць у хаце сноп ці пучок каласоў новага ўраджаю як знак працоўнай удачы ў будычым. У мінулыя часы “дажыначны сноп” лічыўся цудадзейным і свяшчэнным і ўпрыгожваў пачэсны кут хаты – адганяў злыя сілы.
Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх яна – лепшы корм. Старажытныя людзі справядліва лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот, які здольны захаваць сабе жыццё і забяспечыць працвітанне астатняга жывёльнага свету.
Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя ткані. Лён – сімвал стваральнай працы, знак дабра і дастатку.
Ніжэй контура граніцы Рэспублікі Беларусі змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. У старажытнейшых міфах чалавецтва адлюстравана гэта сімволіка. Яе можна сустрэць у помніках старажытных Егіпта, Грэцыі і Кітая.
З элементаў герба звяртае на сябе ўвагу чырвоная зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. У гэтай якасці чырвоная зорка выкарыстроўвалася ў часы існавання вялікай дзяржавы – СССР. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаем надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”.
Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ.
У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.
Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа і выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Новая рэдакцыя гімна была прынятая ў 2002 годзе. Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.
Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.
Тэкст гімнаДзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь |
Музычная рэдакцыя гімна |